Днямі ў райцэнтры закончыўся рамонт жылога двухпавярховага дома №15 на вуліцы Кастрычніцкай. На аб'екце былі заняты дзве брыгады фірмы "Капіталдрэўпрадукт". Пра адну з іх з захапленнем расказваў жыхар дома, ветэран працы і былы вадзіцель рэдакцыі Раман Лагун.
Старанны калектыў з пяці чалавек не ведаў перакураў. Рабілі дах. Паступова здымалі стары шыфер, мянялі пад ім кроквы і абрашотку. Усё знаходзілася пад плёнкай, таму нярэдкія дажджы непрыемнасцяў жыхарам не прынеслі. Ужо потым укладвалі новую металачарапіцу.
І ўсё ж аднойчы ў кватэры Рамана Лёнгінавіча ў адным з пакояў закапала са столі. Будаўнікі адразу кінуліся шукаць прычыну. Хутка высветлілі, што вінавата старая парапетная пліта з няправільным нахілам. На яе ў час завеі намяло снегу, пры таянні вада пацякла ў жыллё. Але той выпадак не сапсаваў станоўчае ўражанне гаспадароў пра належную працу рамонтнікаў.
Як высветлілася, размова ішла пра брыгаду Яўгена Мулярчыкаса. Ён на будоўлях 17 гадоў, заняўся гэтай справай пасля службы ў арміі. Асвоіў бетонныя, цяслярныя, мулярныя, дахавыя і іншыя работы. Працаваў у мясцовай будаўнічай арганізацыі, ездзіў на заробкі ў Расію. Вось ужо трэці год у міёрскай фірме. Браслаўчанін штодзень дабіраецца да нас з суседняга райцэнтра са сваімі землякамі. Гэта Аляксандр Карашкоў, Анатоль Жукоўскі, Леанід Бялевіч і Сяргей Пялецкі. Сітуацыю тлумачыць проста: ездзім туды, дзе ёсць работа.
А што трэба, каб працаваць з імпэтам і якасна? У адказ прагучала: "Трэба зацікавіць заробкам".
Адразу пасля аднаўлення даху на жылым доме брыгада Яўгена Мулярчыкаса прыступіла да кладкі перагародак у гаспадарчым корпусе новай цэнтральнай раённай бальніцы.
Дарэчы, на гэтым жа доме №15 па Кастрычніцкай рамонтныя работы выконвала брыгада Валерыя Мілашэвіча з шасці чалавек. Яна абнавіла фасад і цокаль, замяніла вокны і дзверы ў кватэрах, зрабіла адмостку. Са слоў Валерыя Іванавіча прафесіяналізм у рабоце праявілі яго падначаленыя Сяргей Пачопка і Андрэй Гацулюк, а старанне і адказнасць — Уладзімір Бялевіч, Павел Букіс і Дзмітрый Анашка. Апошнім часам яны рабілі па заяўках жыхароў металапрофільныя агароджы балконаў. На фоне шэра-бежавых сцен чырвоны "профіль"асабліва яркі.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.