Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Міёрская дэлегацыя пабывала ў Расійскай Федэрацыі

$
0
0

Наталія СТАНКЕВІЧ
Фота аўтара
Як паведамлялася раней, 30 чэрвеня міёрская дэлегацыя пабывала ў Расійскай Федэрацыі. Кіраўнік спраў райвыканкама Валерый Драба, дырэктары хлебазавода і мясакамбіната Сяргей Матэленак і Віктар Бандарэнка на чале са старшынёй райвыканкама Ігарам Кузняцовым і старшынёй райсавета дэпутатаў Марыяй Баніфатавай прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі "Рака Вялікая"ў горадзе Апочка Пскоўскай вобласці.

Знаёмства з адміністрацыяй раёна, спецыялістамі розных сфер дзейнасці, абмен вопытам упэўнілі абодва бакі, што дружбу трэба ўмацоўваць, а дзелавыя адносіны — развіваць. Паміж Апочацкім і Міёрскім раёнамі падпісана пагадненне аб партнёрстве і ўзаемавыгадным супрацоўніцтве.
Невялікі рускі гарадок сустрэў зыркім сонейкам, час ад часу пужаў дажджом. Тым не менш не перашкаджаў заўважаць і ацэньваць яго вартасці. Стала вядома, што Апочка будавалася як крэпасць і ўжо амаль шэсць стагоддзяў стаіць над ракой Вялікай. Сама прырода нібы спецыяльна стварыла на беразе куточак для яе. У гэтым месцы рака амаль пад прамым вуглом паварочваецца на захад, утвараючы выгіб.
Сваю назву, на думку мясцовых краязнаўцаў, горад атрымаў дзякуючы горнай пародзе асадкавага паходжання "апока" (падобная на вапняк), якую выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні яго сцен. Ад баявой крэпасці засталося старажытнае гарадзішча — Вал. Тут разбіты парк, пабудавана вялікая сцэнічная пляцоўка пад адкрытым небам, дзе і праходзіць фестываль "Рака Вялікая".

Размешчаны Апочацкі раён за 130 кіламетраў ад Пскова ў самым цэнтры вобласці. На 1 студзеня сёлета налічваў 16697 жыхароў, з якіх 10307 гараджан і 6390 сяльчан. У Апочцы працуюць завод харчовых прадуктаў, хлебакамбінат, іншыя прамысловыя прадпрыемствы. Ёсць педагагічны каледж, гімназія, школы, прафесійнае вучылішча, установы культуры, бальніца, вузел сувязі, рэдакцыя раённай газеты "Чырвоны маяк". Дагэтуль захаваліся старажытныя будынкі, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць і прыцягваюць позірк турыстаў.
Асабліва ўразіў Палац культуры. Велічны, калісьці пабудаваны на руінах Успенскай царквы. Цяпер мае сучасны выгляд. У чэрвені тут адкрылася кіназала. Дзесяць гадоў у горадзе не мелі магчымасць глядзець кінастужкі на шырокім экране. Новае абсталяванне дазваляе дэманстраваць фільмы ў сучасным фармаце. У цэлым кіназала—гэта ўніверсальны інфармацыйны цэнтр, месца для разнастайных творчых сустрэч, прэзентацый, канцэртна-тэматычных праграм, цікавага адпачынку.

Тут, у Палацы культуры, хлебам-соллю сустракалі гасцей фестывалю. Ён праводзіўся ў трэці раз і сабраў расіян, беларусаў і латышоў. Напачатку за круглым сталом абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў кантэксце актуальных пытанняў аховы навакольнага асяроддзя. Невыпадкова, бо сёлетні год у Расіі прысвечаны экалогіі і пытанням, звязаным з гэтай сферай. Таму імкнуліся прыцягнуць максімальную ўвагу да надзённых праблем, якія непасрэдна ўплываюць на прыроду і якасць жыцця людзей. Дэвіз фестывалю "Без памяці—няма традыцый, без традыцый—няма культуры, без экалогіі—няма жыцця"паглыбіў і пашырыў тэматыку.

Кіраўнік адміністрацыі Апочацкага раёна Юрый Ільін нагадаў, што гэты край, як і Пскоўшчына ў цэлым, славіцца маляўнічымі краявідамі, блакітнымі азёрамі і рэкамі, тут шмат заказнікаў. У прывітальным лісце ад губернатара Пскоўскай вобласці гучаў заклік народам жыць у духоўнай еднасці, падтрымліваць і развіваць лепшыя традыцыі продкаў. Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Аляксандр Казлоўскі таксама падкрэсліў, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам зберагчы прыродныя рэсурсы, навучыцца захоўваць той спрыяльны асяродак, дзе хацелася б жыць і працаваць нашым нашчадкам.

У першы фестывальны дзень стартавалі і партнёрскія адносіны паміж Апочацкім раёнам і Міёрскім. Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў правёў завочную экскурсію па родным краі, ахарактарызаваў геаграфічнае размяшчэнне, прыродныя рэсурсы, накірункі развіцця, славутасці. Добрым дадаткам да прэзентацыі стала дэманстрацыя тэматычнага фільма.

—Лепш пабачыць усё на свае вочы,—заўважыў Ігар Валер'евіч і ўзяў з расіян абяцанне не адкладваць візіт на міёрскую зямлю.—Мы знойдзем кропкі ўзаемадзеяння ў эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, ёсць чым падзяліцца ў культурным напрамку.
Дарэчы, народны калектыў "Язынка"на фестывалі ўжо займеў прыхільнікаў сярод апачан.

У Беларусі вырошчваць лён—традыцыя. У былыя часы і Пскоўшчыну называлі "льняной губерняй". Яе насенны матэрыял лічыўся лепшым. Цяпер там нават многія дарослыя не ўяўляюць, як выглядае культура. Надзея Сінгатулава—дырэктар музея гісторыі краю ў Гдове. Гэта самы маленькі горад у Пскоўскай вобласці, налічвае 3,5 тысячы жыхароў. Размешчаны на беразе Чудскага возера, якое ўбірае ў сябе воды пяці рэк, асноўны пастаўшчык—рака Вялікая. Фінансаванне горада слабае, што і падштурхоўвае яго жыхароў займацца праектнай дзейнасцю, за кошт якой прыцягваюць сродкі. Бадай самы цікавы праект "Усё пра лён ад "а"да "я", прафінансаваны дабрачынным фондам. Удзел у ім прымалі вучні мясцовай школы ад 6 да 14 гадоў. Фермер прадставіў 36 сотак зямлі, знайшоў насенне далёка за межамі краіны, уручную з дзецьмі пасеялі яго і падалі заяўку на ўдзел у конкурсе. Так атрымалі грант, які дапамог рэалізаваць задуманае. Партнёры праекта—выкладчыкі Пскоўскага політэхнічнага каледжа—арганізавалі выраб прылад для льну: мялак, рвалак, часалак, пралак, матавіл, наглядных дапаможнікаў у некалькіх экзэмплярах. Гэтыя рэчы ў наступным прызнаны дыпломнымі работамі студэнтаў установы. Навучэнцы другога каледжа пашылі нацыянальныя льняныя ўборы. Так дзеці вывучылі гісторыю паходжання лёну, яго ўласцівасці, засвоілі тэхналогію вырошчвання і апрацоўкі, навучыліся плесці паясы. У музеі цяпер цудоўная тэматычныя экспазіцыя, якую з задавальненнем наведваюць турысты.

Прыкладамі цікавай практыкі развіцця экатурызму ў Латгаліі падзялілася спецыяліст па знешніх сувязях Рэзэкненскай гарадской Думы Марына Сакалова. Старшыня рускай суполкі ў Рэзэкне Валерый Арлоў расказаў, якімі інтарэсамі і памкненямі ў развіцці традыцый жывуць 211 чалавек у яе складзе.

Настаўнік Дзмітрый Фёдараў акрэсліў праблемныя бакі і вялізную ролю ў жыцці Пскоўскай вобласці ракі Вялікай. Яе працягласць 430 кіламетраў, у сваім ніжнім цячэнні шырокая, глыбокая і судаходная. Ля прыбярэжных вёсак і Апочкі размешчаны плаціны дзеючых гідраэлектрастанцый. Славіцца рыбнымі месцамі, а мясцовыя жыхары хваляцца добрымі ўловамі ў фестывальным конкурсе "Уха—царыца". У ім спаборнічаюць каманды кіраўнікоў сельскіх валасцей.

Пасля кругла стала знакавай падзеяй стала адкрыццё памятнага знака да 500-годдзя бітвы пад Апочкай у перыяд руска-літоўскай вайны. Пра яе ўзгадвалі ля падножжа гарадскога вала. Тут у гонар дружбы і міру расіяне, беларусы і латышы заклалі алею памяці, тым самым далі старт канкрэтным сумесным справам.

Міёрскай дэлегацыі апачане запомніліся ў першую чаргу гасціннасцю, шчырай душой, духам еднасці. Рака Вялікая—хуткабежным, як само жыццё, цячэннем. Фестываль—залпам яркіх паветраных шароў у гонар падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве. Не забудуцца і экскурсіі па месцах баявой славы, у куточкі, дзе пануе асаблівая энергетыка. Напрыклад, на Духаву гару. Лічыцца, што ўзыходжанне на яе пазбаўляе нават ад цяжкіх цялесных і душэўных недамаганняў. Падымацца патрэбна па крутой сцежцы, яна амаль вертыкальна вядзе ўверх. У мясцовай капліцы паставіць свечку і падмесці ці памыць падлогу. Ля падножжа можна ўбачыць непрыкметны камень, на якім трэба крыху пастаяць басанож. Ужо ў самым нізе адчуваецца прыліў сіл і светлай радасці. Чым гэта выклікана, невядома.

У Міёрах падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з Падпарожскім раёнам РФ


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles