Новы год я не святкую. Я прывык адзначаць тыя святы, якія пра штосьці важнае нагадваюць, як Раство, Пасха, Дзень Волі… Не магу паставіць Новы Год у адзін шэраг з гэтымі святамі.
І ўсё-такі, прызнаюся, нейкае чаканне новага ў навагоднія дні ў мяне прысутнічае. Цэлую восень і пачатак каляндарнай зімы (рэальная зіма так і не пачалася) мне здавалася, што час бяжыць хутка. Адчуванне марнасці часу не пакідала мяне.
У апошнія дні снежня гэтае адчуванне прайшло. Час нібы запаволіў хаду, і цяпер адчуваю сэнс кожнага пражытага дня. Ці надоўга? Не ведаю. Чаму так сталася? Відаць, паўплывала тое, што пачаў кожны вечар у малітве дзякаваць Богу за ўсе добрыя падзеі кожнага дня.
Жыццё ж не марнае. Кожны дзень Бог дае пражыць і запрашае быць блізка да Яго. Бог стаў чалавекам, мы святкавалі гэта зусім нядаўна. Бог прыйшоў да чалавека, і чалавек можа быць блізка Бога, калі не будзе ад Яго ўцякаць.
Часова не займаюся журналістыкай. Таму не магу дзяліцца з чытачамі “Вестак” грамадскімі навінамі. Але паспрабую падзяліцца тым, чым жыву, што назіраю, пра што разважаю. Не ведаю, ці надоўга хопіць у мяне жадання весці такі сеціўны дзённік. Але паспрабую.
31 снежня. Вечарам у касцёле – набажэнства падзякі за пражыты год. Малітва у прысутнасці Ісуса, Які ёсць у супольнасці вернікаў і ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, прыгожыя спевы праслаўлення, асабліва старадаўні гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”. Па дарозе дадому заходжу на рэчку, стаю колькі хвілінаў і слухаю, як вада пераліваецца праз каменне. Наверсе – зорнае неба. Прыгожы свет Бог стварыў!
Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Параф'янаве. Фота Кастуся Шыталя.
1 студзеня. У Каталіцкім Касцёле першы дзень году прысвечаны Дзеве Марыі. Абавязковае свята, і я сёння іду на набажэнства а 11-й. На вуліцы незвычайна пуста і ціха. Але ў касцёле поўна людзей. Хоць сустракалі Новы год уначы, нараніцу не забыліся пра рэлігійныя абавязкі. Гэта радуе.
На местачковых могілках капаюць магілу. Нехта памёр. Смерць не пытаецца, калі прыйсці.
Неспадзяванка: увечары да мяне прыйшлі дзве сяброўкі – Аксана і Вольга. Мясцовыя дзяўчаты, якія перабраліся жыць у Менск. Абедзьве беларускі і хрысціянкі да глыбіні душы. Заўсёды для мяне былі ўзорам веры, любові да жыцця і да людзей. Размова за гарбатай з цукеркамі. Глядзім навагодняе віншаваннеУладзіміра Арлова. Цудоўны вечар, я буду яго ўспамінаць наступныя дні два.
2 студзеня.Чытаю віншаванкі, якія дайшлі праз сеціва. “Ты зрабіў шмат для захавання беларускага духу. Жадаю табе ў новым годзе АДРАДЖЭННЯ беларускага духу”, - піша мне піцерскі бізнэсовец глыбоцкага паходжання. “Жадаю, каб Ісус быў адказам на ўсе пытанні твайго жыцця”, - мэйл ад сястры-місіянеркі з Ашмянаў.
3 студзеня.Паглядзеў фільм “Знахар”. Польская стужка, знятая рэжысёрам Ежы Гофманам паводле аповесці глыбачаніна Тадэвуша Даленгі-Мастовіча. Дзеянне адбываецца ў міжваенны час на Віленшчыне. Вікіпедыя падказвае, што па творах Мастовіча было пастаўлена ажно дванаццаць фільмаў.
Па абедзе сеў на ровар і накіраваўся… сам не ведаючы, куды. Павярнуў у лес паміж вёскамі Заборцы і Рапяхі, прысланіў ровар да дрэва. І пачаў хадзіць па лясных прасеках. Зялёныя іголкі соснаў і ёлак, зялёны мох на зямлі – усё гэта неверагодна радуе вока. Адпачыў душой. Потым – у касцёл на Імшу. Калі адчуваеш покліч Бога ў глыбіні сэрца, то не можаш супраціўляцца жаданню прыйсці на набажэнства.
Вярнуўшыся дадому, знайшоў у паштовай скрыні вялікую капэрту з шасцю нумарамі газеты “Мёрская даўніна”, якую выдае краязнаўца Вітольд Ермалёнак. На яе старонках друкуецца хроніка школьных музеяў – госці, экскурсіі, новыя знаходкі, ды яшчэ інфармацыя пра бібліяграфічныя навінкі, артыкулы турыстычнай і краязнаўчай тэматыкі.
4 студзеня.Паглядзеў фільм “Сайман Бірч”. Амерыканская стужка пра хлопчыка, які нарадзіўся неразвітым, але ўвесь час сцвярджае, што Бог мае для яго асаблівы план. Урэшце Сайман ратуе некалькі дзясяткаў дзяцей з аўтобуса, які тоне ў рацэ, а сам памірае ад пераахалоджвання.
Пагаджуся: Бог мае план і мае пакліканне для кожнага з нас. Няпраўда, што жыццё марнае. Акрамя будавання ўласных планаў і аглядак на меркаванне навакольных варта запытваць у Бога: што Ён хоча ад мяне? А яшчэ ў фільме прыгожа паказаныя чалавечае сяброўства і дабрыня.
Патэлефанаваў Антон Фурс, 86-гадовы жыхар Паставаў, які праседзеў дзевяць год у лагерыза тое, што ён з сябрамі дазволілі сабе марыць пра вольную Беларусь. Падзякаваў за паштоўку, якую я даслаў яму на Раство. Антон Віктаравіч і ягоная жонка Алеся Лявонаўна (яна таксама сядзела за Беларусь у лагерах) да глыбокай старасці застаюцца беларускімі патрыётамі. Адчуваю да іх глыбокую пашану.
Антон і Аляксандра Фурсы. Фота Кастуся Шыталя.
Паехаў аўтаспынам праведаць маці і дзеда, якія жывуць у Крулеўшчыне. Набываю каробку шакаладных цукерак і кладу ў заплечнік кнігу с. Нунэ Цітаян “Крест и Пасха» - гэта будзе падарунак. Размаўляем пра жыццё - маё маладое і іхняе пенсіянерскае. Маці дзякуе “за тое, што нас не забываеш”. Чорная котка Крошка заскоквае мне на калені, лашчыцца і мурлыкае.
5 студзеня.Як звычайна ў нядзелю, іду ў касцёл на Імшу. У другой палове дня чытаю (ўрыўкамі) “Маё мястэчка” Васіля Сініцы і “Кара за службу народу” Мар’яна Пецюкевіча. Абодва згаданыя творы – ўспаміны беларусаў, напісаныя на выгнанні.
Васіль Сініца піша пра жыццё ў перадваенных Лужках. У цэнтры ягонай увагі – людзі, іх звычкі, характары, заняткі, звычкі, узаемаадносіны. Аўтар занатаваў багата трагічных і камічных гісторый з лужэцкага жыцця. Безумоўна станоўчымі персанажамі ёсць добра вядомыя доктар Усевалад Шыран і каталіцкі святар Язэп Германовіч. Успамінае Сініца яшчэ аднаго местачкоўца, якому дзякуе за сваё нацыянальнае ўсведамленне – Ігната Крыўку, якога ў сённяшняй тэрміналогіі назвалі б “грамадскім актывістам і праваабаронцам”. Знайсці б на лужэцкіх могілках яго магілу…
Мястэчка Лужкі і сёння прыгожае, але ўжо не тое. Няма ўжо ні абшарнікаў Плятараў, ні гандляроў-габрэяў, ні афіцэраў-палякаў. Няма і перакананых беларусаў кшталту Крыўкі і Шырана. Віхуры ХХ стагоддзя незваротна знішчылі местачковы каларыт, і засталіся па былых Лужках толькі ўспаміны. Узяцца б за перавыданне іх асобнай кніжкай…
Вуліца Млыновая ў мястэчку Лужкі (Шаркоўшчынскі раён). Злева - дом, у якім жыла жонка Булак-Балаховіча, беларускага генерала, які біўся з бальшавікамі ў 1921-м годзе.
Мар’яна Пецюкевіча, беларускага актывіста, які нарадзіўся ў вёсцы Цяцеркі на Браслаўшчыне, а жыў пад Вільняй, камуністычныя ўлады ў 1949 годзе вывезлі як “нядобранадзейнага элемента” ў Краснаярскі край. “Кара за службу народу” – гэта ягоныя ўспаміны пра побыт у Сібіры. Падрабязна і маляўніча аўтар апісвае працу ў калгасе, адносіны з мясцовымі людзьмі і з начальствам, сібірскія звычаі і прыроду. Твор не змрочны, але кожным абзацы адгукаюцца пачуцці і перажыванні аўтара.
Васіль Сініца дажываў жыццё ў Злучаных Штатах, а Мар’ян Пецюкевіч – у Польшчы. Што было б, калі б яны і тысячы іншых патрыётаў не былі змушаныя ўцякаць, а засталіся дома і будавалі тут вольную Беларусь? Напэўна, былі б нашыя справы значна лепшыя…