Quantcast
Channel: Весткі.info - Мёры
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Сувязь пакаленняў на Міёршчыне

$
0
0

Выміраюць цэлыя вёскі, не кажучы пра хутары. З твару зямлі знікаюць населеныя пункты. А разам з імі і назвы. З тапанімікай сціраюцца прозвішчы колішніх насельнікаў. Цэлыя пакаленні губляюць свае карані. 6 снежня 2016 года "Міёрскія навіны"змясцілі маю публікацыю пад загалоўкам "Калыска — Баркоўшчына"з пералічэннем зніклых вёсак і хутароў, прозвішчаў іх жыхароў.

Не мінула і паўмесяца, як пачаўся фурор. На гэты нумар газеты літаральна пачалося паляванне. Званок ад Зінаіды Кодзіс, якая падзякавала "Міёрскім навінам"і аўтару ад цэлага калектыву жыхароў Полацка і ад сябе асабіста за зберажэнне памяці і прыгадванне яе радні. Званіла ўраджэнка Баркоўшчыны Ада Бяляўская з Наваполацка, жыхаркі Аршанскага раёна, мае вучаніцы Цыбульская і Касевіч з вёскі Фядосава. Маладая жанчына, унучка Мішуты з вёскі Куты павезла газету ў Магілёўскую вобласць сваім дзецям як рэліквію, якая ўказвае, што іх род паходзіць з глухіх, але цудоўных мясцін. Запыт з далёкага Мурманска ад нашчадкаў роду Балашоў з вёскі Мерзлякі.

У лютым папраўляў здароўе ў дзісенскай бальніцы. У адной палаце са мной ляжаў прадстаўнік роду Цюлькаў з вёскі Узгарэліца Другая. Сардэчная ўдзячнасць за публікацыю, захаванне памяці пра вёсачку і яе жыхароў. Званок ад прафесара Апольскага ўніверсітэта Браніслава Іосіфавіча Кодзіса, выхадца з вёскі Васіленкі, які ў 1958 годзе скончыў 10 класаў Акунёўскай СШ і з сям'ёй выехаў у Польшчу. Ён пенсіянер, летам збіраецца прыехаць на радзіму для збору матэрыялаў пра сваю сям'ю з Васіленкаў і трох дзядзькоў, якія жылі ў Міёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах.

Публікацыя "Калыска — Баркоўшчына"стала скарбам капітана першага рангу, доктара ваенных навук, загадчыка кафедры Вышэйшага Севастопальскага ваенна-марскога вучылішча падводнага плавання, майго былога вучня з Акунёўскай СШ Мікалая Шайтара, які станоўчым водгукам падзяліўся на сайце. Нягледзячы на вялікую адлегласць, на публікацыю звярнуў увагу капітан першага рангу ў запасе Мікалай Малыш з Уладзівастока, які таксама змясціў станоўчую анатацыю на сайце. Адгукнулася ў інтэрнэце Людміла Міхалушка з Наваполацка. Абмеркаванне працягваецца.

Зінаіда Кодзіс на тым канцы провада шкадавала, што ніхто не захаваў памяць пра яе радзіму — даўно вымерлыя Лугаўцы І, ІІ, ІІІ і Ніргулішкі, пра тых людзей, якія насялялі, апрацоўвалі зямлю, расцілі дзяцей. Сапраўды, чаму б не ўнесці гэты матэрыял у дадатак кнігі "Памяць. Міёрскі раён".

Фота для ілюстрацыі.
Фадзей ШЫМУКОВІЧ.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles