Цяпер начальства не любіць садзіць дрэвы. Яны любяць садзіць кветкі. Мне падаецца, за гэтым хаваецца важная характарыстыка таго, як сённяшнія дзяржаўныя і гаспадарчыя кіраўнікі ўспрымаюць сябе і сваю місію ў гэтай краіне.
Калі пасадзіш новую клумбу з кветкамі і паставіш лаўку, "раёнка"апублікуе фота і пахваліць: дзякуючы старанню начальніка такога і такога палепшыўся стан добраўпарадкавання, радуе вока гараджан новая клумба з кветкамі... А потым яшчэ прэмію дадуць за добраўпарадкаванне.
А дрэва... Дрэва доўга расце. Пакуль яно вырасце так, каб радаваць вока і даваць цень - чыноўнік пойдзе ці на пенсію, ці на павышэнне, ці ў турму за карупцыю. Ніхто не ўзгадае і не пахваліць.
Затое начальства вельмі любіць пілаваць дрэвы. Не ведаю, чаму начальнікам так хочацца, каб усё было гола і не было дрэў. (Дзіўны ў іх эстэтычны густ!) Але, калі спілаваў дрэвы - то адразу бачны вынік. Праведзена "мерапрыемства па добраўпарадкаванні"! Начальства любіць разбураць старыя будынкі. Там таксама вынік адразу бачны, можна адсправаздачыцца, што закапана столькі і столькі "ветхих строений". На гэта траціцца шмат працоўнай сілы і грошай.
Як кажуць расейцы: "Ломать не строить"... Шмат розуму на гэта не трэба.
Дрэвы садзіць той, хто разлічвае свае ўчынкі на далёкую перспектыву, думае пра дзяцей, пра ўнукаў, праўнукаў. Таму даўней абшарнікі садзілі алеі, прысады, закладвалі паркі, садзілі ліпы і дубы на сваіх сядзібах. Кіраўнік, які думае пра будучыню, будзе не толькі дрэвы садзіць, але і дбаць пра развіццё эканомікі, пра падвышэнне ўзроўню культуры, пра грамадзянскае і нацыянальнае выхаванне моладзі... Вынікі гэтай працы, як і пасаджанае дрэва, таксама будуць бачныя не адразу, а праз доўгі час.
Гэтая акалічнасць шмат кажа пра сутнасць цяперашняй улады. І ў Мінску, і ў раёнах кіраўнікі не думаюць стратэгічна, не разлічваюць у сваіх дзеяннях, што будзе на гэтай зямлі праз 25, 50, 100 гадоў. Яны жывуць сённяшнім днём. (І ў гэтым сённяшнім дні часта глядзяць болей на свае асабістыя інтарэсы, чым на дабро грамадства, дзяржавы).
Гэта бачна і ў палітычнай, і ў эканамічнай, і ў культурна-асветніцкай сферы, і нават у спосабе добраўпарадкавання гарадоў і мястэчак.