2013 год быў разнастайным на падзеі на Віленшчыне. Было сёлета шмат чаго і станоўчага, і адмоўнага. Якім быў гэты год? Па традыцыі Весткі падводзяць вынікі года.
Год арыштаў і вызваленняў
Беларусь застаецца краінай, у якой ёсць палітвязні. Уладзімір Яроменак, 23-гадовы актывіст “Маладога Фронту”, наш зямляк (нарадзіўся ў Мёрах), у снежні пайшоў адбываць 3-месяцавы арышт. На волі яго чакае цяжарная жонка Валянціна.
Сёлета наш сайт аб’яўляе Ўладзя чалавекам года паўночна-заходняга рэгіёна Беларусі. І вось чаму.
2013 год таксама адзначыўся гучнай “шпіёнскай” справай супраць ксяндза Уладзіслава Лазара, які быў арыштаваны ў канцы траўня і больш за паўгады ўтрымліваўся ў “амерыканцы”. За вызваленне ксяндза Лазара подпісы збіраліся ў Паставах, Мёрах і Глыбокім. Ксёндз быў вызвалены аж у снежні і цяпер служыць у Вілейцы.
28 жніўня на волю выйшаў лідэр “Маладога Фронта” Зміцер Дашкевіч, адбыўшы ў турме на год болей, дзякуючы глыбоцкаму суду. Роўна год да вызвалення ў Глыбокім яго судзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі Глыбоцкай калоніі. Суд над моладзевым лідэрам адбываўся за зачыненымі дзвярыма.
У кастрычніку на волю выйшаў лідэр БХД Павел Севярынец. 36-гадовы палітык заставаўся ў зняволенні ад 2010 года. Неўзабаве пасля вызвалення палітык ажаніўся на дзяўчыне з Пастаўшчыны Вользе Шылак. Паўла з Вольгай, дарэчы, пазнаёміў сталы аўтар нашага сайта Кастусь Шыталь.
Год юбілеяў
400-годдзе Будслава, 125-годдзе Язэпа Драздовіча, 130-годдзе Вацлава Ластоўскага, 150-годдзе Паўстання 1863-1864 гадоў – гэта галоўныя юбілеі, датычныя нашага краю, якія святкаваліся ў 2013 годзе.
Некаторыя з іх адзначаліся афіцыйна, а пра некаторыя дбала дэмакратычная супольнасць, мясцовыя краязнаўцы і незалежныя медыі, а не мясцовыя і нацыянальныя ўлады. Увага, што надаецца на афіцыйным узроўні нацыянальнай гісторыі і культуры, яўна недастатковая. Акцэнты растаўленыя не на тым, ствараюцца штучныя нагоды для радасцяў (грыбныя, вішнёвыя фестывалі, усталяванне танкаў і іншай вайсковай тэхнікі на пляцах і г.д.), разам з тым забываюцца ці ігнаруюцца важныя падзеі, якія маглі б падвысіць патрыятычны дух, веданне гісторыі, гонар за наш край, бо як раз нам ёсць чым ганарыцца з нагоды гэтых юбілеяў!
Год, калі Вільня стала цэнтрам Еўропы
У ліпені 2013 года на паўгады Літва пераняла старшынёўства ў Еўрапейскім Звязе. Місія старшынёўства кожныя паўгода пераходзіць па чарзе кожнай з 28 краін-чальцоў ЕС. Літва першай сярод краінаў Балтыі пераняла руль старшынёўства. Жыхары Вільні заўважылі, што па праспекту Гедыміна зачасцілі картэжы. У Вільні адбыўся цэлы шэраг важных імпрэзаў. Адна з найбольш важных– саміт Усходняга партнёрства, на якім планавалася падпісаць дамову аб асацыяцыі з Украінай. Але Януковіч адмовіўся гэта рабіць, пасля чаго пачалася хваля шматтысячных пратэстаў на кіеўскім Майдане.
Гэтыя падзеі сталі натхненнем для ўсяе беларускае дэмакратычнае супольнасці. Многія паехалі ў Кіеў падтрымаць украінцаў у змаганні за лепшую долю. Наш зямляк, апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў прачытаў на галоўным пляцы Кіева перад сотнямі тысячаў пратэстоўцаў палыхмяную прамову і верш, а беларускія гурты “Ляпіс Трубяцкі” і “Крамбамбуля” адыгралі канцэрты на Майдане.
Год, калі мусова рэзалі свінней
Супрацьстаяннем году стала кампанія па вынішчэнні свінняў у 5-кіламетровай зоне вакол свінакомплексаў і спроба цалкам знішчыць прыватную свінагадоўлю на Браслаўшчыне. Такія радыкальныя меры былі выкліканы свінной чумой, якая разгулялася ў некаторых рэгіёнах Беларусі. Літоўцы і латышы так спужаліся, што эпідэмія перакінецца на іх тэрыторыю, што пачалі дызынфектаваць колы і нават абутак на пунктам перасячэння мяжы. Уся гэтая сітуацыя моцна ўдарыла па простых вяскоўцах, якія спрабуюць выжываць, трымаючы свінней. На базарах краю дагэтуль цяжка набыць свінное мяса.
Адстаўка года і надзея года
Важнай падзеяй года стала адстаўка біскупа Віцебскай дыяцэзіі Ўладзіслава Бліна, карані каторага на Глыбоччыне. Яго часова замяніў на гэтай пасадзе ксёндз Францішак Кісель, каторы таксама паходзіць з Глыбоччыны, а ў лістападзе стала вядома, што кіраваць дыяцэзіяй будзе малады ксёндз Алег Буткевіч. Нарадзіўся ён у 1972 годзе ў Браславе. Святарскае пасвячэнне прыняў 13 мая 2000 года. Служыў вікарыем у Наваполацку і Мёрах. Ёсць спадзеў, што дыяцэзіі гэтае прызначэнне пойдзе на карысць, таму наш сайт аб’яўляе новага біскупа надзеяй года.
Страты
Сярод тых, хто ў 2013 годзе адыйшоў у лепшы свет, варта згадаць мастака з Докшыцаў Віктара Маркаўца. Удзельнік падпольных незалежніцкіх групаў у савецкі час, ён выкладаў у Акадэміі і стварыў геніяльнае палатно «Свята ў Докшыцах».
У 2013 годзе Вільня страціла Рамана Вайніцкага, кіраўніка Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы і старшыню Клуба аматараў беларускай народнай творчасці «Сябрына». Цела Рамана Вайніцкага знайшлі ў падвале дома, у якім ён жыў. Паліцыя дагэтуль не можа знайсці канцы гэтае справы.
Канцэрт года
Канцэрт гурта “Ляпіс Трубяцкі” у Вільні стаў бясспрэчна галоўным канцэртам 2013 года на Віленшчыне. Поўная зала віленскай “Сіменс Арэны”, мора бел-чырвона-белых сцягоў, натхняльныя словы Міхалка супраць дыктатуры, уся заля скандуючая “Жыве Беларусь!” – такія падзеі не забываюцца. Яны даюць надзею, што ў Беларусі не ўсё страчана, што беларусы змогуць дамагчыся свабоды. Цешыць, што “Ляпісы”, маючы такую велізарную папулярнасць, не баяцца называць рэчы сваімі словамі і ўздымаюць змагарны дух сваімі нонканфармісцкімі песнямі і смелымі прамовамі.
Фільмы і кнігі
Зазвычай падсумоўваючы падзеі года беларуская Віленшчына і заходняе Паазер’е могуць пахваліцца кнігамі, але не фільмамі. У 2013 годзе выйшлі важныя для разумення нашай гісторыі фільмы “Глыбоцкая змова” і “Праклятыя і забытыя”. Абодва былі паказаныя на незалежным спадарожнікавым канале Белсат.
Паказаў Белсат сюжэт і пра паэта з Пастаўшчыны Люцыяна Шчаснага, чыю кнігу “Голас з рэзервацыі” Весткі аб’яўляюць кнігай года беларускай Віленшчыны. Кнігу мы вырашылі адзначыць за шчырасць і нават пэўную бескампраміснасць. Аўтар піша пра гібеючую вёску і не баіцца крытыкаваць улады, калі яны таго заслугоўваюць.