Парадная форма, шчырыя ўсмешкі, поціскі рук, цёплыя віншаванні і звычайна неўласцівае ахоўнікам парадку хваляванне. Усё гэта мела месца на святочным сходзе ў Міёрскім аддзяленні Дэпартамента аховы з нагоды яго 50-гадовага юбілею. Роўна столькі мінула з 22 ліпеня 1966 года, калі загад аб падраздзяленні аховы паклаў пачатак структуры пад назвай Міжраённае аддзяленне пазаведамаснай аховы пры Міёрскім РАУС. Урачыстаць сабрала разам супрацоўнікаў аддзялення, ветэранаў, былых кіраўнікоў.
Начальнік АДА Міхаіл Пракопчык у прывітальным слове адзначыў, што за пяць дзясяткаў год пераадолены значны шлях і цяпер аддзяленне з'яўляецца сучаснай мабільнай і тэхнічна аснашчанай структурай органаў унутраных спраў, паўнапраўнай баявой адзінкай міліцыі. Былыя кіраўнікі і супрацоўнікі сваёй працай закладвалі цаглінкі ў трывалы фундамент.
Са светлай настальгіяй прыгадвалі ўчарашні дзень аховы былыя начальнікі Раман Браніслававіч Фурс, Юрый Якаўлевіч Лявіцкі, Іван Пятровіч Рунда, Ігар Іванавіч Войтаў, старшы інспектар Сяргей Паўлавіч Тронькін. Ветэраны адзначалі, што прысутнічаць на свяце і бачыць у зале знаёмых і шмат маладых хлопцаў прыемна і радасна. Адрасавалі сваім пераемнікам самыя лепшыя пажаданні.
З прыемнай місіяй завітаў на ўрачыстаць намеснік старшыні райвыканкама Леанід Лясовіч. Ганаровымі граматамі за шматгадовую сумленную працу ўзнагародзіў спецыяліста 1-й катэгорыі групы сродкаў і сістэм аховы Юрыя Закрэўскага, галоўнага бухгалтара Жанну Лаўрыновіч і бухгалтара Зінаіду Шаркель.
Трывалымі ніткамі ўзаемадзеяння звязана аддзяленне аховы з раённым аддзелам унутраных спраў. Калегі-таварышы не маглі застацца ўбаку ад залатога юбілею. З круглай датай ветэранаў і супрацоўнікаў АДА віншаваў выконваючы абавязкі начальніка РАУС Алег Пецярсон. За ўмелыя і прафесійна граматныя дзеянні, ініцыятыву пры выкананні службовых задач аб'явіў падзяку міліцыянерам-вадзіцелям Дзянісу Гаўрылаву і Сяргею Вішнеўскаму, міліцыянеру-кінолагу Івану Вішнеўскаму, электраманцёрам Валерыю Кубарку і Вячаславу Ходасу. Абласное ўпраўленне МУС даслала ўдзячнасці міліцыянерам-кінолагам Віктару Стома і Паўлу Шаніну, міліцыянеру-вадзіцелю Яўгену Лукоўскаму.
Узнагароды Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь уручаў начальнік аддзялення Міхаіл Пракопчык. Нагрудны знак "За адзнаку"заслужыў міліцыянер-вадзіцель Юрый Рубанік. Ганаровай граматай адзначана вартаўнік Ада Мароз. Удзячнасць аб'яўлена камандзіру страявога падраздзялення міліцыі Сяргею Маляўку і міліцыянеру Станіславу Курловічу. Узнагароды абласнога ўпраўлення папоўнілі скарбонку прафе-сійных поспехаў міліцыянера-вадзіцеля Дзяніса Гаўрылава, міліцыянера групы затрымання Максіма Мізера, электраманцёра Леаніда Пруднікава, дзяжурнай пульта Алены Шаркель, начальніка аховы ўчастка Валянціны Нікіфаравай, вартаўнікоў Зоі Мацур і Іны Гарноўскай. За дапамогу ў выхаванні маладога пакалення і шматгадовую добрасумленную працу адзначаны Ігар Іванавіч Войтаў, Сяргей Паўлавіч Тронькін, Генадзь Пятровіч Сушко, Аляксандр Віктаравіч Савуць.
Шмат чаго змянілася за гады станаўлення Міёрскага АДА, аднак ранейшымі засталіся задачы. Служыць дзяржаве і грамадству, абараняць іх маёмасць і спакой, апраўдваць аказаны давер.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.