Quantcast
Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

З клопатам пра зямлю ці Міёрскаму ПМС—30!

  • Image may be NSFW.
    Clik here to view.

У першамайскім нумары раённай газеты за 1986 год знайшоў невялікую заметку, якую сёння ёсць падстава прывесці поўнасцю.
Новая арганізацыя
"Днямі ў райцэнтры пачала дзейнічаць новая арганізацыя ПМК-23 меліярацыі. Яна, таксама як і Дзісенская ПМК-47, будзе займацца асушэннем і арашэннем земляў на тэрыторыі раёна.

Калектыў зараз перажывае перыяд свайго станаўлення: шмат яшчэ цяжкасцей, нявырашаных пытанняў. І асноўная праблема—недахоп кадраў масавых спецыяльнасцей. Напрыклад, вельмі мала механізатараў для работы на трактарах Т-150 і Т-100, не хапае лю-дзей іншых прафесій.

Так, многае яшчэ трэба зрабіць калектыву, але галоўнае, што ён пачаў дзейнічаць, а значыць і праблемы па камплектаванні з цягам часу будуць вырашаны."
Вось гэта першае газетнае ўпамінанне пра арганізацыю, якую мы сёння ведаем як Міёрскае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства меліярацыйных сістэм "Міёрскае ПМС". Яго кіраўнік Уладзімір Пятровіч Нікалаёнак удакладняе, што трэстаўскі загад аб стварэнні ПМС пазначаны студзенем, аб пачатку дзейнасці —25 красавіка. Рэальныя справы пачаліся з 28 чысла. З самых першых работнікаў ён сам, прыйшоў у калектыў крышку пазней—11 мая. Сярод ветэранаў—намеснік дырэктара па будаўніцтве Тадэвуш Мечыслававіч Рудзь, намеснік па эксплуатацыі Уладзімір Якаўлевіч Паўлаў, галоўны механік Леанід Мікалаевіч Шокель, слесар Васіль Янавіч Альшаўскіс.
Здаецца, зусім нядаўна прадпрыемства, адзінае сярод меліярацыйных у рэспубліцы, удастоена ганаровага звання "Лідар галіны 2014". А якія вынікі мінулага года, з чым меліяратары падышлі да свайго юбілею?
—Цяпер мы не проста меліяратары, бо маем атэстаты і сертыфікаты на выкананне работ па мностве іншых напрамкаў—не толькі земляных, але і бетонных, будаўнічых, аддзелачных, па пракладцы інжынерных сетак і дарог, добраўпарадкаванні, нават па выкананні функцый генпадрадчыка.

Невыпадкова адным з нашых найбуйнейшых увадных аб'ектаў мінулага года стаў новы халадзільнік мясакамбіната, па сутнасці—новае прадпрыемства. Каля шасці мільярдаў рублёў асвоілі на "Нафтане", 5,4 млрд—на падрыхтоўчых работах будучага металапракатнага завода, паўмільярда—на ўскрыцці кар'ера для ААТ "Даламіт". Праклалі 4,1 кіламетра лесагаспадарчай дарогі для Дзісенскага лясгаса. 10 мільярдаў асвоена і на меліярацыйных аб'ектах Міёрскага, Верхнядзвінскага і Полацкага раёнаў—даглядалі, рамантавалі і рэканструявалі асушальныя сістэмы.

Усё гэта дазволіла атрымаць 804 мільёны рублёў прыбытку. Па асноўных фінансава-эканамічных паказчыках пастаянна ўваходзім у пяцёрку лепшых прадпрыемстваў нашай сістэмы на Віцебшчыне.
Гэты год не толькі для нас складваецца няпроста, аднак пакуль калектыў у сто чалавек больш-менш забяспечаны аб'ёмамі заказаў. Працягваем удзел у рэканструкцыі аднаго з цэхаў ААТ "Нафтан", дзе выконваем бетонныя і земляныя работы, працуем з металаканструкцыямі. Штодзень аўтобус дастаўляе ў Наваполацк ад 10 да 20 чалавек, там ім у дапамогу пагрузчыкі, экскаватар, аўтатранспарт, аўтабетоназмешвальнік і іншая тэхніка. Яе выкарыстанне курыруе мой намеснік Т.М. Рудзь, а непасрэдна арганізацыяй работ займаецца прараб У.І. Захарэвіч.

Больш таго, днямі заключылі дагавор на выкананне тэрміновых работ па вертыкальнай планіроўцы і добраўпарадкаванні прыкладна на 545 мільёнаў рублёў на "Нафтане", з якімі не маюць магчымасці своечасова справіцца нашы калегі з Ушач. Для гэтага накіравалі ў Наваполацк дадаткова тры вялікагрузныя самазвалы.

—Але ж "Нафтан"—гэта высокатэхналагічная вытворчасць, хапае кваліфікацыі вашым работнікам там працаваць?

—Мы ж не займаемся мантажом спецыяльнага абсталявання, а выконваем земляныя, бетонныя і агульнабудаўнічыя работы, адным словам, тое, што ўмеем. Хаця і да іх патрабаванні па якасці і культуры вытворчасці вялікія. Таму вымушаны старацца, бо заказчык своечасова разлічваецца за выкананыя аб'ёмы, а гэта зараз асабліва цэніцца.

—Які след пакінуць сёлета меліяратары ў родных мясцінах?
—Датэрмінова—у маі—намячаем закончыць рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы "Слабада"плошчай 145,5 гектара на ўгоддзях ААТ "Гвардзейскі", хаця па графіку маглі б здаць аб'ект у жніўні. Аднак і нам затрымлівацца там нявыгадна, трэба хутчэй асвоіць каля двух мільярдаў рублёў, прадугледжаных рэспубліканскім бюджэтам, і гаспадарцы патрэбна зямля для пасеваў з вясны. Таму прарабу М.А. Лаўрыновічу выдзелены патрэбныя сілы—тэхніка і людзі.
Летась і сёлета супрацоўнічаем з ММПЗ-груп, заклалі тры з пяці фундаментаў пад малапавярховае жыллё для работнікаў будучага прадпрыемства, пад кіраўніцтвам прараба В.І. Лісаковіча займаліся там інжынернымі сеткамі.
Падтрымліваем дзелавыя адносіны з газавікамі, на пракладцы трубаправода асвоілі ў лютым 349 мільёнаў рублёў. У красавіку рыхтавалі трасу для высакавольтавай лініі для металапракатнага завода, зарабілі 400 мільёнаў.
Толькі што выйгралі тэндар на пракладку інжынерных сетак да новага жылля ў аграгарадку Туркова. Пэўныя спадзяванні ёсць на ўзаемадзеянне з Віцебскім СМП-169, які будзе займацца пракладкай чыгуначнай галіны да будучага завода.
Пашыраем паслугі насельніцтву. Более прыватных заказаў на апрацоўку агародаў, капанне вадаёмаў, дастаўку пяску і гравію, распілоўку бярвенняў і апрацоўку дошак, многае іншае.

—Такой перспектывы дастаткова, каб і сёлета ПМС спрацавала з прыбыткам?
—Не, і па некалькіх прычынах. Па-першае, не ўсе заказчыкі разлічваюцца за выкананыя работы своечасова. Па-другое, мы, як і іншыя дзяржпрадпрыемствы, нярэдка прайграём выгадныя тэндары на выкананне работ прыватнікам, у якіх няма патрабуючай вялікіх выдаткаў на ўтрыманне базы, шматлікай адміністрацыі і сацыяльных абавязацельстваў; таму яны могуць прапаноўваць лепшыя ўмовы для заказчыкаў. А што непасрэдна да меліярацыі, то сёлета для нас упершыню да гэтага часу не прадугледжана фінансаванне работ на тэхнічны догляд асушальных сістэм, якія мы звычайна праводзілі круглы год. Вось і чакае сваёй чаргі аб'ект "Басяныя", сродкі на які павінен выдзеліць абласны бюджэт.

—Якое выйсце з сітуацыі?
—Найперш, рэкламаваць свае магчымасці. У гэтым плане нам у пэўнай меры пасадзейнічала прысваенне звання "Лідар года". Цяпер замахнуліся на рэспубліканскі конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы і ўжо прымалі камісію Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У ім патрэбна забяспечыць выкананне высокіх патрабаванняў больш чым па 20 крытэрыях. І забяспечваем, а таму разлічваем на многае.
Што галоўнае, удзельнічаем ва ўсіх тэндарах на сваёй тэрыторыі, шукаем заказы ў суседніх раёнах і нават дзяржавах. Спадзяюся, нешта атрымаецца на Верхнядзвіншчыне і Полаччыне. А ўвогуле аб'ехаў не толькі вобласць і рэспубліку. Пабачыў вялікія перамены ў суседняй Расіі. Там цяпер вяртаюць у сельгасабарот землі, што даўно зараслі не толькі хмызнякамі, лесам. Мы можам весці іх адраджэнне, затрымка ў цане. Пакуль нам там працаваць па-большасці эканамічна нявыгадна. Хаця ўсё можа імкліва памяняцца, таму сітуацыю трэба адсочваць.

Што з расійскага вопыту заслугоўвае ўвагі?

—Расія імкліва пераўтвараецца. Мы толькі гаворым пра холдынгі, а, напрыклад, на Браншчыне, яны ўжо даюць аддачу. Паўстаюць буйныя сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы. Дыктат тэхналогій становіцца рэальнасцю. Выкарыстоўваецца безадвальнае ворыва, што дазваляе павысіць ураджайнасць з мінімальнымі фінансавымі затратамі. З'явіліся гурты мяснога статку ў тысячы галоў, якіх пад адкрытым небам утрымліваюць круглы год па амерыкана-канадскай тэхналогіі. Дастаткова любой тэхнікі, але патрабаванні да работы на ёй надта строгія. А ўвогуле, не толькі механізатары, усе спецыялісты пры прыёме на работу ў прыватныя структуры праходзяць навучанне, па выніках якога атэстуюцца на выкананне пэўных абавязкаў. Кантроль за ўсім праз чыпы, датчыкі, навігацыйную сістэму: толькі паспелі выканаць нейкую работу, як ужо прааналізаваны абсалютна ўсе аперацыі, падлічаны выдаткі і іншае. Недзе схібіць проста немагчыма

—У святле такіх патрабаванняў як ацэньваеце сваіх падначаленых?

—Нашы работнікі разумеюць цяперашнюю сітуацыю і імкнуцца зарабіць. Значны ўклад у агульныя справы робяць машыністы аднакаўшовага экскаватара Юрый Нікіценка і шматкаўшовага—Мікалай Усціновіч, машыніст бульдозера Уладзімір Харытовіч, аўтакранаўшчык Аляксандр Шук, мантажнік Аляксандр Качан, на пагрузчыку—Фёдар Пятроў, рабочы Яўген Радзіонаў, а электрагазазваршчык Міледзій Мацюк можа стаць пры патрэбе механізатарам, выканаць любую работу.

Заўсёды разлічваю на кампетэнтнасць і падтрымку прарабаў Мікалая Аляксандравіча Лаўрыновіча і Валерыя Івана-віча Ісаковіча, галоўнага бухгалтара Аксаны Паўлаўны Усціновіч, дарэчы, патомнага меліяратара, галоўнага эканаміста Таццяны Мітрафанаўны Мароз і іншых спецыялістаў. А ўвогуле ўвесь калектыў віншую з юбілеем і вельмі разлічваю, што наша Міёрскае ПМС яшчэ нямала зробіць па добраўпарадкаванні палеткаў, узвядзенні жылля і вытворчых аб’ектаў на роднай Міёршчыне.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Непагадзь не стрымае
На справы па рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы "Слабада"гляджу вачыма інжынера па ахове працы ПМС Арцёма Юр'евіча Гуменюка, які днямі пабываў на аб'екце.
—Аўтобус з людзьмі спыняецца на асфальтаванай шашы, далей праз лес ідзём па пераўвільготненай, а таму парэзанай глыбокімі каляінамі
дарозе,—апавядае малады спецыяліст.—Па ёй рухаюцца толькі трактары, калі, напрыклад, трэба падвесці паліва ці нейкія матэрыялы. Хвілін праз 15 дасягаем палявога стана, дзе ля вагончыка-бытоўкі начуе, а з раніцы запраўляецца тэхніка. Стэнд з "пашпартам аб'екта"інфармуе пра работы, іх аб'ёмы і выканаўцаў, тэрмін уводу.
Асноўная "ўдарная"сіла—шматкаўшовыя экскаватары. У гэты дзень новы, атрыманы
толькі летась ЭТЦ-203 пад наглядам
машыніста Мікалая Усціновіча напружана пракладваў траншэю праз пераўвільготненае поле. Каб і ў такіх умовах не прыбуксоўваць,
яму адразу наварылі спецыяльныя грунтазачэпы на гусеніцы. А вось цяпер
вакол агрэгата завіхалася брыгада
Аляксандра Качана.
Затое стары шматкаўшовік ЭТЦ-2011 машыніста Віктара Томаса напаткала часовая непрыемнасць, рамонтам займаліся ўсе работнікі пад кіраўніцтвам брыгадзіра Андрэя Маркевіча.
Дарэчы, гэтым двум экіпажам заставалася закласці толькі 2 кіламетры дрэнажу, зусім няшмат, калі зыходзіць з разліку, што кожны за змену можа прайсці 300 метраў. Абы не здарылася больш паломак.
Бульдазерыст Пётр Гарноўскі на новым "Беларусу-1502"засыпаў толькі што пракапаныя траншэі.
Кітайскія бульдозеры СД-13 і СД-16, дарэчы, вельмі надзейныя машыны, машыністаў Уладзіміра Харытовіча і Сяргея Лапкоўскага з карчавальнікамі зграбалі ў вялізныя кучы буйныя рэшткі хмызнякоў, карчоў і іншай драўніны, большае каменне. А драбнейшае падбіралі рабочыя ў прычэп МТЗ-82 механізатара Рамана Пецярсона. Адвозіў такую ж непатрэбную на палях драбязу і трактарыст Васіль Антанёнак на "Беларусу-1221".
Пры падтрымцы "Амкадора-702"Яраслава Антанёнка рабочыя "шукалі шурфы", рабілі
ўрэзкі ў дрэнажныя лініі для іх ачысткі.
Сёлетняя знакамітасць, "Чалавек года Віцебшчыны"—экскаватаршчык аднакаўшовага ЭО-3223 Юрый Нікіценка—займаўся ачысткай даўно пракладзеных асушальных каналаў. А тыя каналы ля пушчы—таксама мясцовая легенда сярод меліяратараў. Пра яе пры выпадку
нагадвае цяпершні кіраўнік ПМС Уладзімір Пятровіч Нікалаёнак. Калі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя тут упершыню праводзілася асушэнне, нядаўна створаная ПМК-23 не паспявала выканаць усе работы, у яе проста сіл не хапала. Для іх паскарэння вырашылі каналы не капаць аднакаўшовымі экскаватарамі, а правесці выбуховым метадам.
Па намечаных трасах прайшоў шматкаўшовік, запрошаныя са спецарганізацыі выбухавікі разлічылі патрэбныя зарады, заклалі іх і… за
лічаныя імгненні паўсталі так патрэбныя каналы. Заставалася толькі крыху падправіць адкосы і разраўняць кавальеры.
…Цяпер штодзённа на 145,5-гектарнай плошчы аб'екта "Слабада"працуе пад кіраўніцтвам прараба Мікалая Аляксандравіча Лаўрыновіча
да трох дзясяткаў чалавек, з дзясятак адзінак тэхнікі. Да так жаданага часу здачы ў маі засталіся тыдні, дні. Трэба спяшацца.

Запісаў Леанід МАТЭЛЕНАК.
На здымку: Прараб Мікалай Лаўрыновіч і брыгадзір Аляксандр Качан удакладняюць план асушальных работ.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 1578

Trending Articles