1 снежня — Дзень юрыста
Быць юрыстам Людміла Пупіна вырашыла яшчэ ў школьныя гады. Паступіла на юрыдычны факультэт Віцебскага дзяржуніверсітэта і ў 2009-м атрымала дыплом. Першае працоўнае месца чакала маладога спецыяліста ў міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Раней у Міёрах Людміла бывала толькі праездам. Аднак да гарадка, па яе словах нечым падобнага на родны Браслаў, прывыкла хутка. Цяпер адчувае сябе тут амаль як дома, у выхадныя дні часта наведваецца на малую радзіму.
Пра пачатак прафесійнай дзейнасці юрысконсульт успамінае:
— Адразу было складана. Тэорыю ведала, але яна не заўсёды супадае з практыкай. Мяне падтрымліваў калектыў. Ён тут вельмі добры. Калі звяртаешся да каго-небудзь за парадай, за дапамогай, заўсёды падкажуць.
Кожны год прыбаўляе прафесійнага вопыту і становіцца прасцей спраўляцца з працоўнымі абавязкамі. Людміла ўпэнілася, што шлях у прафесію выбрала правільны. Па яе меркаванні, юрысту трэба быць уважлівым, умець устанаўліваць кантакты з людзьмі. Упартасць, уседлівасць і спакой лічыць трыма кітамі свайго характару. Часам у ім праяўляюцца супярэчнасці. Гэта ад знака задыяка, які абазначаецца дзвюма рыбкамі, што плывуць у розныя бакі. Людміла — рэаліст, але згодная з тым, што Рыбы аказваюць на яе свой уплыў.
У працоўнай дзейнасці юрысконсульт кіруецца правілам даводзіць да канца пачатую справу. Канкрэтнага дэвіза па жыцці ў Людмілы няма. Яна цэніць у людзях дабрыню, пачуццё справядлівасці і шчырасць, негатыўна ставіцца да няпэўнасці і хлусні. Яна практычны чалавек, таму на дзень нараджэння больш парадуецца рэчы карыснай і патрэбнай. Любіць кіно. Сярод фільмаў, якія хочацца глядзець зноў і зноў, — "Мастер и Маргарита". Твор Міхаіла Булгакава ў ліку любімых, праўда, цяпер часцей даводзіцца чытаць прафесіянальную літаратуру.
Дзень юрыста стаў для Людмілы святам яшчэ са студэнцкай пары, з якой засталіся яркія і цёплыя ўспаміны пра цікавую вучобу і дружны курс. Кожную першую нядзелю снежня сыплюцца віншаванні ад былых аднакурснікаў, з якімі да гэтага часу падтрымліваюцца добрыя сяброўскія адносіны, ад калег, ад родных. Заўтра юрысконсульт цэнтральнай раённай бальніцы атрымае чарговую порцыю добрых слоў і шчырых пажаданняў.